Мачыха прынцэсы Дыяны графіня Спэнсэр прыляцела ў Мінск (ФОТА)

У Беларусі лэдзі Спэнсэр мае дабрачынныя мэты, а яе спадарожнікі, брытанскія бізнесмены, хочуць пакаштаваць беларускай гарэлкі
Прыёмная маці прынцэсы Дыяны, лэдзі Рэйні Спэнсэр, знаходзіцца ў Беларусі з пяцідзённым візітам. Удава лорда Спэнсара, дачка пісьменніцы Барбары Картленд, лэдзі Спэнсэр шырока вядомая ў свеце як дзяячка дабрачыннасці.

У Беларусі графіня наведае Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, а таксама Беларускі дзіцячы хоспіс у Бараўлянах. Графіня хоча высветліць, якая дапамога патрэбная гэтым установам.

Разам з лэдзі Спэнсэр у Беларусь прыляцелі бізнесмены з кампаніі “Хэрардз”, якая, сярод іншага, валодае найбуйнейшым у свеце гандлёвым цэнтрам плошчаю 90 тысяч квадратных метраў. Уладальнік кампаніі “Хэрардз” – Махамед аль-Фаед, бацька Додзі аль-Фаеда, каханка прынцэсы Дыяны, з якім яны разам загінулі ў 1997 годзе.

Спадары з “Хэрардзу” хочуць спраўдзіць, якая беларуская прадукцыя магла б паступаць у іхні гандлёвы цэнтр. Пакуль што вядзецца гаворка пра гарэлку, лён і мэблю пінскай вытворчасці.

На здымках – графіня Рэйні Спэнсэр (у чырвоным плашчы) ў часе наведвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.