Мацкевіч: Замена мітрапаліта Філарэта ўскладніць адносіны ў Беларусі

Становішча праваслаўнай царквы ў Беларусі шмат у чым будзе залежаць ад таго, якім чынам абяруць пераемніка мітрапаліта Філарэта. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Мацкевіч: "Усё будзе залежаць ад таго, ці новы мітрапаліт будзе, скажам так, абраны беларускімі іерархамі Праваслаўнай царквы, ці ён будзе прызначаны. Ці Патрыярх яго зацвердзіць па прадстаўленні беларускіх іерархаў (і гэта будзе нейкая такая фігура, якая карыстаецца падтрымкай большасці беларускіх іерархаў), ці гэта будзе цалкам прызначаная маскоўская крэатура".

Эксперт нагадаў, што мітрапаліт Філарэт шмат зрабіў для самастойнасці Беларускай праваслаўнай царквы. У прыватнасці, гэта тычыцца пагаднення паміж беларускай дзяржавай і праваслаўнай царквой - беспрэцэдэнтнага кроку ў рамках Рускай праваслаўнай царквы. Таму, на думку сп.Мацкевіча, прызначэнне маскоўскага стаўленіка істотна паўплывае не толькі на становішча праваслаўнай царквы ў Беларусі, але і на палітычную сітуацыю.

Мацкевіч: "Менавіта гэта паўплывае на пазіцыю Беларускай праваслаўнай царквы і яе стаўленне да дзяржавы. А таксама на пазіцыі мітрапаліта ўнутры Беларускай царквы. Таму што гэта можа прывесці і да абвастрэння пэўных адносінаў з іншымі іерархамі, і да ўскладнення адносінаў з беларускай дзяржаваю".


Глядзі таксама: Масква можа адправіць мітрапаліта Філарэта ў адстаўку