Магілёўскі суд "пасадзіў" Януковіча на 23 гады

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд Міхаілу Януковічу, які "наглядаў" за Пастаўскім раёнам, і двум яго саўдзельнікам Алегу Зубкевічу і Андрэю Лук'янаву. За забойства двух жыхароў Паставаў, здзейсненае падчас крымінальных разборак у 2007 годзе, Януковіч і Зубкевіч прысуджаныя да 23 гадоў пазбаўлення волі, Лук'янаў — да 13. Сайт "Телеграф" паведамляе, што адзін са злачынцаў пад выглядам перапродажу зямельнага ўчастка завез ахвяраў забойства на закінутую сялібу недалёка ад мяжы з Літвой. Там яго саўдзельнікі расстралялі пакупнікоў з засады з абрэза паляўнічай стрэльбы і малакалібернага пісталета. Трупы злачынцы закапалі ў лесе ля вёскі Навасёлкі-2 Пастаўскага раёна.

Следчыя таксама высвятлілі, што банда Януковіча рэгулярна займалася рэкетам, махлярствамі, рабаваннямі, а таксама "страхавала" некаторыя камерцыйныя структуры. На гэты момант затрыманыя яшчэ 8 удзельнікаў банды.