Махляры і рабаўнікі могуць маскіравацца пад зборшчыкаў подпісаў

У часе кампаніі па збору подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнта ў кватэры грамадзянаў могуць трапіць злачынцы, якія маскіруюцца пад сябраў ініцыятыўных груп, паведамляе БелаПАН. Такую магчымасць не выключаюць у МУС і заклікаюць грамадзянаў быць пільнымі. Бо злачынцы часта выкарыстоўваюць выбарчую кампанію ў сваіх мэтах. Злачынцы часта маскіруюцца пад работнікаў сацыяльных і камунальных службаў, пад удзельнікаў перапісу насельніцтва. Напрыклад, год таму ў Крычаўскім раёне да аднаго з мясцовых жыхароў прыйшла нібыта прадстаўніца райвыканкаму, каб сабраць звесткі для перапісу, а мужчына потым не знайшоў у хаце 5 мільёнаў рублёў.
 
У кожнага зборшчыка подпісаў павінна быць пасведчанне Цэнтрвыбаркаму і дакумент, што пацвярджае асобу, нагадвае міліцыя.