Максім Мірны і Джэймі Мюрэй выйгралі тэнісны турнір у Фларыдзе

Першага ў гэтым сезоне поспеху дабіліся беларус Максім Мірны і брытанец Джэймі Мюрэй. 17 лютага ў фінале парнага разраду на турніры ў ЗША яны адолелі наймацнейшы дуэт свету — амерыканцаў Боба і Майка Браянаў з лікам 6:4, 3:6, 10:6.
30-гадовы Мірны выйграў 34-ы турнір у парным разрадзе, яго партнёр, якому 13 лютага споўнілася 22 гады, — чацвёрты. Перамога над братамі Браянамі стала рэваншам за студзеньскае паражэнне на турніры ў Сіднэі (Аўстралія) — 4:6, 2:6.

На наступным тыдні Мірны і Мюрэй выступяць на турніры ў Сан-Хасэ з прызавым фондам 416 тысяч долараў. Беларус атрымаў таксама "wild card" на выступленне ў асноўнай сетцы адзіночнага разраду.

Летась Мюрэй выйграў гэты турнір у пары з амерыканцам Эрыкам Буторацам. У 2003 годзе пермамогу ў Сан-Хасэ атрымалі Уладзімір Валчкоў і карэец Х'юн-Тайк Лі.

БелаПАН