Маладыя апазіцыянеры збіраюцца штомесяц святкаваць Дзень "зайца"

Актывісты маладзёжнай апазіцыі абвясцілі 17-е чысло кожнага месяца Днём "зайца". Сярод ініцыятараў — маладыя людзі, якія неаднаразова ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту з нагоды адмены льгот на праезд студэнтам і навучэнцам.
Апошняя такая акцыя прайшла 17 снежня ў Мінску. Каля 150 чалавек выстраіліся ў шарэнгу ад гандлёвага дома "На Нямізе" да кавярні "Максі-Біс". У працягнутых руках у іх былі шапкі, а таксама кардонкі з надпісамі "Дапамажыце, не хапае на праезд", "Кавалка толькі хлеба я прашу…", "Два талончыкі — бутэлька кефіру!" і іншыя.

Неўзабаве да іх падышлі міліцыянты і папрасілі разысціся. Удзельнікі згадзіліся, але, сеўшы ў тралейбус, надзелі заечыя вушкі, дасталі з кішэняў моркву і праехалі такім чынам некалькі прыпынкаў.

На думку ўдзельнікаў акцыі, 17-е чысло кожнага месяца павінна стаць сімвалічным днём сацыяльнага пратэсту супраць несправядлівасці закону аб упарадкаванні льгот у дачыненні да навучэнцаў. У гэты дзень студэнты ў знак нязгоды будуць ездзіць "зайцамі" і праяўляць сваё незадавальненне ў іншых формах.

БелаПАН