Малочныя “войны” спыняцца, калі Беларусь прызнае Абхазію і Асецію?

Прычыны “малочных войнаў” паміж Беларуссю і Расіяй палягаюць не ў эканоміцы, а ў палітыцы. Такое меркаванне выказаў у размове з Еўрарадыё былы міністр эканомікі Расіі, навуковы кіраўнік Маскоўскай “Вышэйшай школы эканомікі” Яўген Ясін.

Яўген Ясін: “Малочная вайна” мае зусім іншае прызначэнне. Акрамя скаргаў расійскіх малочнікаў на тое, што беларусы атрымліваюць дзяржаўныя субсідыі на малако і, адпаведна, могуць мець большую выгаду. Але гэта мела, на мой погляд, дзясятае значэнне. Больш важнае значэнне мелі іншыя матывы. Напрыклад, што Лукашэнка да гэтага часу не выканаў абяцанне аб прызнанні Абхазіі і Асеціі і гэтак далей”.

Былы расійскі міністр параўноўвае кіраўнікоў Беларусі і Расіі з братамі-блізнятамі, якія не могуць без таго, каб не пабіцца паміж сабой.

Яўген Ясін: “Безумоўна, паміж Масквой і Мінскам існуе пэўная напруга, якая вынікае з таго, што ў абодвух краінах персаналісцкі рэжым. Ведаеце, як у тых блізнюкоў-братоў, якія вельмі часта сварацца. Такога ж кшталту моманты і тут назіраюцца”.

Асабліва смешна, кажа Яўген Ясін, выглядаюць гэтыя “малочныя войны на фоне заяў аб стварэнні агульнай мытнай тэрыторыі Расіяй, Беларуссю і Казахстанам.

Яўген Ясін
: “Дзве гэтыя ідэі адначасова не змяшчаліся ў галаве тых, хто прымаў рашэнне і таму яны прынялі іх паасобку”.

Па яго словах, выпадак, калі левая рука не ведае, што робіць правая – не новая тэма ў расійскай гісторыі.