Мартынаў: Беларусь не будзе збліжацца з Расіяй

"Беларусь — не кандыдат на ўступленне ў ЕС, і мы не пойдзем да Расіі, мы будзем суверэннай краінай паміж гігантамі", — заявіў беларускі міністр у інтэрв’ю аўстрыйскай газеце “ Der Standard”. Палітолагі лічаць гэта "званком" для Расіі.
"Беларусь — не кандыдат на ўступленне ў ЕС, і мы не пойдзем да Расіі, мы будзем суверэннай краінай паміж гігантамі". Такое бачанне нашай краіны праз 20 год выказаў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў у інтэрв’ю аўстрыйскай газеце "Der Standard". Паводле яго словаў, Беларусь знаходзіцца паміж двума гігантамі — ЕС і Расіяй. Выжываць у такім становішчы — першая задача беларускіх уладаў. Па-другое — жыць у дабрабыце, і па-трэцяе — мець добрыя адносіны і з Захадам, і з Усходам.

На пытанне "Der Standard", наколькі вялікія палітычныя рэформы гатовая зрабіць Беларусь дзеля таго, каб больш наблізіцца да ЕС у галіне сумеснага рынка і мець перавагі палітыкі добрасуседства, Мартынаў адзначыў, што не варта "мяшаць рынкавыя і палітычныя рэформы, гэта дзве розныя рэчы".

Згодна са словамі міністра, Беларусь ужо цяпер праводзіць палітычны дыялог з ЕС, а сапраўдная палітычная сітуацыя ў краіне нашмат лепшая, чым яе адлюстроўваюць СМІ.

"Гэта знак перш за ўсё для Расіі, што Беларусь не арыентуецца адназначна на яе, як на нейкі полюс", — пракаментаваў заяву міністра палітолаг Юрый Шаўцоў. Тым часам эксперт бачыць у выказванні Мартынава эмацыйны нюанс, на які не варта звяртаць асаблівую ўвагу.

Нагадаем, 5-7 лютага ў Мюнхене адбылася 46-я канферэнцыя па пытаннях палітыкі бяспекі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі дзясяткаў краін свету.

Фота: telegraf.by