Мастакі творчай суполкі "Пагоня" не прызнаюць вынікаў выбараў

24 беларускія мастакі, у асноўным сябры творчай суполкі "Пагоня", заявілі аб непрызнанні вынікаў выбараў прэзідэнта, паведамляе БелаПАН.

У спецыяльнай заяве рады "Пагоні" выказана абурэнне падзеямі, што адбыліся на Плошчы. "Лічым недапушчальным і ганебным разгон і зверскае збіццё мірных дэманстрантаў і кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якія беспадстаўна былі арыштаваныя да абвяшчэння афіцыйных вынікаў галасавання", — адзначаецца ў заяве.

Мастакі пратэстуюць супраць дзеянняў сілавых структураў па збіванні, а фактычна — замаху на жыццё кандыдата ў прэзідэнты паэта Уладзіміра Някляева.

Рада "Пагоні" таксама выказала здзіўленне пазіцыяй патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Кірыла, які сваім віншаваннем Лукашэнку "фактычна даў яму санкцыі на далейшыя грубыя сілавыя, нехрысціянскія дзеянні ў адносінах да беларускага народа".

Усім арыштаваным і зняважаным жорсткім збіваннем аўтары заявы выказалі маральную і духоўную падтрымку, а таксама запатрабавалі іх неадкладнага вызвалення.

Сярод падпісантаў заявы — сябры рады суполкі "Пагоня" Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін, Мікола Купава і Алесь Цыркуноў, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, мастакі Уладзімір Крукоўскі, Генік Лойка, Георг Скрыпнічэнка, Віктар Маркавец, Алесь Пашкевіч і Алесь Пушкін.