Майкл Джэксан выбраў толькі чатырох спадкаемцаў

У Злучаных штатах апублікавалі падрабязнасці завяшчання Майкла Джэксана (Michael Jackson).
Паводле апошняй волі нябожчыка, яго маёмасць будзе падзелена паміж пажылой маці і трыма яго дзецьмі. 80-гадовая Кэтрын Джэксан атрымае 40% ад пакінутых Поп-каралём 300 мільёнаў долараў (гэта прыкладна 99 мільёнаў); такая ж частка дастанецца і 13-гадоваму Прынцу, 12-гадовай Пэрыс і 8-гадоваму Прынцу Майклу Другому (па 33 мільёны на кожнага). Астатнія 20% будуць перададзеныя дабрачынным арганізацыям.

Да таго ж, распараджацца сваімі грашыма дзеці Майкла Джэксана змогуць толькі па дасягненні 30 гадоў і то толькі часткова. Паводле завяшчання, у гэтым узросце яны атрымаюць права валодаць трацінай спадчыны, у 35 гадоў – паловай, а поўны кантроль над фінансамі атрымаюць толькі на пятым дзясятаку.

Астатнія сваякі памерлага спевака – яго бацька Джо Джэксан, шматлікія браты і сёстры, а таксама абедзве былыя жонкі (Ліза-Марыя Прэслі і Дэбі Роў) – не атрымаюць ні цэнта.

«Яго маці і яго дзеці былі галоўнымі людзьмі ў жыцці Майкла, - каментуе адзін з «сяброў сям'і», які пажадаў застацца невядомым. - Таму ён хацеў быць упэўненым, што забяспечыць іх будучыню пасля сваёй смерці. Што да бацькі і братоў, то іх адносіны былі не лепшымі. Але ведаючы шчодрую натуру Майкла, цяжка паверыць, што ён вырашыў пакінуць іх без нічога».

Нагадаем, што Майкл Джэксан памёр у 50-гадовым узросце 25 чэрвеня 2009-га года. Прычынай смерці стала перадазіроўка лекамі. Фота: dnvibe.wordpress.com