Медыкі не раяць піць ваду з калодзежаў у сельскай мясцовасці

Якасць вады ў шахтных калодзежах у сельскай мясцовасці за апошнія гады крыху пагоршылася. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню вады, намесніца міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан. Чыноўніца адзначыла, што некалькі дзясяткаў гадоў таму вада ў шахтных студнях была чысцейшай, бо ў сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася менш мінеральных угнаенняў, пестыцыдаў і іншых хімікатаў. Менавіта яны вінаватыя ў тым, што ў вадзе павялічваецца колькасць нітратаў.

Ужыванне вады з высокім утрыманнем нітратаў шкодзіць здароўю і можа спрыяць анкалагічным захворванням. Таму рэкамендуецца пры падрыхтоўцы ежы і для піцця, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей, выкарыстоўваць бутыляваную ваду замест вады з шахтных студняў.

БЕЛТА