Медыкі: Праз тыдзень-два Мінск чакае новая эпідэмія РВІ і грыпу

За апошні тыдзень колькасць хворых на РВІ і грып у Мінску павысілася з 12.700 да 19.500 чалавек. Пры такіх тэмпах росту захворванняў сталіцу чакае эпідэмія літаральна праз тыдзень Пра гэта Еўрарадыё паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

Алена Фісенка:
“Сапраўды мы бачым, што ідзе дастаткова актыўны прырост захворванняў. За апошні тыдзень колькасць захварэлых павялічылася на 5 тысяч чалавек. І вось за ўчорашні дзень мы бачым, што тэндэнцыя да росту захоўваецца. І калі гэтыя тэмпы будуць захоўвацца, то на працягу бліжэйшых тыдня-двух мы можам выйсці на эпідэмічны пад’ём захворванняў. Дыягназ грыпу на мінулым тыдні быў пастаўлены толькі 111 чалавекам — гэта прыкладна 0,4% ад агульнай колькасці захварэлых на рэспіраторныя інфекцыі. А вось гэты высокапатагенны грып — гэта адзінкавыя выпадкі захворванняў”.

Асноўную ж масу захворванняў, як цвердзіць спецыяліст, складаюць рэспіраторныя вірусныя інфекцыі.


Фота: ByMedia