Міхалевіч гатовы даць тлумачэнні Генпракуратуры ў справе катаванняў

Алесь Міхалевіч, які знаходзіцца ў Чэхіі і спадзяецца атрымаць палітычны прытулак, даслаў электроннае паведамленне жонцы. У ім ён просіць высветліць магчымасці, якім чынам ён можа даць тлумачэнні следчаму ў справе катаванняў, не вяртаючыся ў Беларусь. Вось што распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё Мілана Міхалевіч:


"Алесь папрасіў мяне высветліць магчымасці дачы тлумачэнняў, якія ад яго запатрабавала Генеральная пракуратура. У пісьмовай форме, магчыма, заверанае натарыяльна ці нейкім іншым спосабам, які б задаволіў абодва бакі. Я трэці дзень спрабую датэлефанавацца да следчага, які падпісаў позву на імя майго мужа, але кожны раз так атрымліваецца, што ён знаходзіцца на праверцы ў КДБ".


Нагадаем, 28 лютага Алесь Міхалевіч даслаў у Генпракуратуру заяву пра катаванні, якія ўжываліся супраць яго ў следчым ізалятары КДБ. Спачатку яго заяву перанакіравалі ў вайсковую пракуратуру, але пасля Генпракуратура ўсё ж вырашыла правесці праверку. 14 сакавіка Алесю Міхалевічу была накіраваная просьба з'явіцца для дачы тлумачэнняў па гэтай заяве, але на той час ён ужо быў за мяжой, куды выехаў нелегальна.

Фота — belapan.com