Міхалевіч, Някляеў і Раманчук сёння пойдуць рэгістравацца

Сёння свае дакументы ў ЦВК збіраюцца падаваць Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў і Яраслаў Раманчук, паведамляе Радыё Свабода. Лідар кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімір Някляеў загадзя вызначыўся з канкрэтным часам свайго прыходу ў Цэнтравыбаркам — палова на 11-й раніцы. Астатнія кажуць, што вызначацца цягам дня.

Някляеў кажа, што ў ягоную ініцыятыўную групу запісалася больш за 2 тысячы чалавек, і толькі палова з якіх удзельнічае ў руху "Гавары праўду", іншыя далучыліся ў апошнія дні.

У складзе ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука каля тысячы чалавек, частка з іх прыйшла ў каманду па абвестцы на сайце. Раманчук кажа, што збірае вакол сябе нефармальную раду з ліку замежных палітыкаў і экспертаў, якія будуць інфармаваць свет наконт таго, хто ён такі, якая ў яго праграма і чаму яго трэба падтрымліваць.

Сёння хоча падаваць дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і Алесь Міхалевіч, але не упэўнены, што паспее.