Міхалевіч сабраў 100 тысяч подпісаў і не хоча здымацца пад "адзінага"

Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Алесь Міхалевіч пераадолеў мяжу ў сто тысяч подпісаў, але спыняцца не збіраецца. Палітык хоча сабраць 110 тысяч.
Лепш за ўсё збор подпісаў праходзіў на Магілёўшчыне, кажа сп.Міхалевіч. Гэта залежала ад працы каманды, кажа ён: дзе каманда мацнейшая, там збор ідзе шпарчэй. Дарэчы, палітык не бачыць сэнсу ў вылучэнні адзінага кандыдата на сёлетніх выбарах. Пра гэта ён распавёў у каментары Еўрарадыё.

Міхалевіч: "У нас два разы быў адзіны кандыдат, і эфект з гэтага быў не вельмі добры. Людзі хочуць бачыць розных кандыдатаў. Няма сітуацыі, калі ўсе людзі падтрымліваюць аднаго. У Беларусі людзі не настолькі незадаволеныя сённяшнім кіраўніцтвам, каб галасаваць за любога іншага".

Нагадаем, што Алесь Міхалевіч стаў шостым, хто ўжо сабраў 100 тысяч. Пра наяўнасць 100 тысяч подпісаў раней заявілі Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віктар Цярэшчанка і Яраслаў Раманчук.