Мікалай Аўтуховіч не спыняе галадоўку, яна працягваецца ўжо 91 дзень

91 дзень ужо галадае за кратамі ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Ён патрабуе неадкладна перадаць яго справу ў суд альбо вызваліць пад падпіску аб нявыездзе. За гэты час Аўтуховіча згубіў 35 кілаграмаў вагі.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі арыштаваныя ў пачатку лютага па абвінавачванню ў наўмысных падпалах. На мінулым тыдні былі таксама затрыманыя дырэктарка фірмы таксі, дзе працаваў Аўтуховіч, Людміла Парэмская, але праз некалькі дзён адпушчаная, і ветэран вайны ў Афганістане Канстанцін Уланаў.

Днямі 28 беларускіх апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх дзеячоў выступілі з патрабаваннем вызваліць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Яны звярнуліся да краін Еўрасаюза з просьбай паўплываць на беларускія ўлады і выратаваць жыццё Мікалая Аўтуховіча.