Мікалай Аўтуховіч страціў 15 кілаграмаў вагі, але галадоўку працягвае

За час знаходжання ў мінскім следчым ізалятары на Валадарскага ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч страціў 15 кілаграмаў вагі. Ён ужо тры тыдні трымае галадоўку і цяпер знаходзіцца ў санчастцы.
Вось што распавёў Еўрарадыё адвакат Павел Сапелка, які напярэдадні сустрэўся ў Аўтуховічам:

"Галадоўку працягвае, адчувае сябе кепска, аналізы кепскія. Усё кепска... Але ён поўны рашучасці працягнуць барацьбу".

Паводле слоў Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч ужо ведае пра пачатак галадоўкі ў падтрымку яго, а таксама Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, якую абвесцілі 15 вядомых актывістаў дэмакратычнага руху. Да гэтага часу да Аўтуховіча не даходзяць лісты з волі.

Нагадаем, што прадпрымальнікі з Ваўкавыску былі затрыманыя 8 лютага сёлета. Іх вінавацяць у наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанне маёмасці. Аўтуховіч абвясціў галадоўку 16 красавіка. Ён патрабуе як найхутчэй альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным па гэтай справе меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.