Мікалай Халезін: “Наступіў такі час, калі будзе цяжка ўсім творцам”

Кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін падзяліўся з “Еўрарадыё” сваім меркаваннем наконт таго, чым была ўчорашняя акцыя сілавых структур і ў якіх умовах давядзецца працаваць творчым асобам.
Нагадаем, учора вечарам спецназ ўварваўся ў Мінску ў прыватны дом, дзе праходзіў прэм’ерны спектакль “Свабоднага тэатра” па п’есе Эдварда Бонда “11 кашуляў”.

Былі затрыманыя больш за 50 чалавек, а сярод іх і замежныя грамадзяне. Гледачоў, акцёраў і рэжысёраў вызвалілі ўначы.

“Калі ўлада працуе супраць творчых асобаў, гэта гаворыць аб адным, што наступіў такі час, калі будзе цяжка ўжо ўсім, - гаворыць Мікалай Халезін. - І тыя праблемы, якія ідуць заўсёды побач са “Свабодным тэатрам”, гэтыя праблемы паўстануць ва ўсіх творцаў”.

Халезін лічыць, што напад на “Свабодны тэатр” быў спланаванай акцыяй. На карысць гэтага сведчыць той факт, што разам на месца падзеяў прыехалі супрацоўнікі спецназу, КДБ і міліцыі.

Дык у якіх умовах зараз давядзецца працаваць у Беларусі “Свабоднаму тэатру”? Вось што гаворыць Халезін:

“На “Свабодны тэатр” гэтыя хвалі ідуць адна за адной. Ужо амаль усе акцёры і рэжысёры звольнены з працы ў дзяржаўных тэатрах. У нас няма ні датацыяў, ні памяшканняў - нічога. Таму мне здаецца, што будзе толькі цяжэй, а наколькі, не ведаю”.


Мікалай Халезін адзначае таксама той факт, што атака пачалася супраць творчага асяродка, а не палітычнага. Гэта шмат пра што гаворыць.

Фотарэпартаж з месца падзей глядзіце на "Хартыі '97"

Фота —photo.bymedia.net/