Мікалай Лазавік не выключае магчымасці зменаў у выбарчым заканадаўстве

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік не выключае магчымасці зменаў у выбарчым заканадаўстве. Па словах Лазавіка, напрацоўкі па гэтым пытанні можа зрабіць працоўная экспертная група. Прымуць іх або не, будзе залежаць ад дэпутатаў. Першае паседжанне працоўнай экспертнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і эксперты Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ, адбываецца 10 лютага ў Мінску. Кіруе экспертнай групай дырэктар цэнтра Валеры Міцкевіч, намеснік старшыні Цэнтравыбаркаму.

Як паведаміў Лазавік агенцтву БелаПАН, эксперты БДІПЧ АБСЕ будуць знаходзіцца ў Беларусі два дні.

Рашэнне аб стварэнні працоўнай экспертнай групы было прынята 22 студзеня ў Мінску на сустрэчы прадстаўнікоў ЦВК з дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Янезам Ленарчычам. Група будзе разглядаць пытанні ўдасканалення праваўжывальнай практыкі падчас выбараў, а таксама ўдасканалення выбарчага заканадаўства.