Мілана Міхалевіч: Ігара Зенчыка адпусцілі, але выклічуць зноў

Жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча Мілана ў жывым эфіры Еўрарадыё распавяла пра абставіны ўчорашняга дарожна-транспартнага здарэння на вуліцы Варанянскага ў Мінску.  Нагадаем, машына, у якой знаходзіліся Мілана Міхалевіч, сястра палітыка Вольга і яе грамадзянскі муж Ігар Зенчык была прыпаркаваная ля ўзбочыны. Але, калі пасажыры выходзілі, у адчыненыя дзверы ўехала іншае аўто. Супрацоўнікі ДАІ пасля праверкі дакументаў усіх прысутных чамусьці затрымалі і даставілі ў Кастрычніцкі РУЎС Ігара Зенчыка. Вызвалілі яго толькі праз некалькі гадзінаў.

Паводле слоў Міланы Міхалевіч, на гэтым справа не скончылася. "Наколькі ведаю, яго выклікаюць яшчэ на заўтра", — сказала Міхалевіч. Яна кажа, што сястра Алеся Вольга была "ў вялікім шоку ад гэтай сітуацыі і падпісала той пратакол, які ёй паказалі, нават не прачытаўшы яго"...