Міліцэйскі палкоўнік Фармагей атрымаў ордэн Сталіна

Днямі кіраўнік віцебскай міліцыі палкоўнік Фармагей атрымаў незвычайную узнагароду - ордэн Сталіна. Пра тое, за што ён быў адзначаны такой узнагародай, распавядае нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“За бездакорную службу ў праваахоўчых органах, асабісты ўнёсак у ахову правапарадку ды ў гонар 70-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці Фармагей узнагародзіла Усебеларускае аб'яднанне казацтва. Паводле віцебскага атамана Васіля Раманенкі, кіраўнік віцебскай міліцыі стаў трэцім ў Беларусі кавалерам ордэна Сталіна.

Гэты ордэн распрацоўвалі яшчэ напрыканцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя, але, па афіцыйнай версіі, ідэю не ўпадабаў сам Сталін. У дзевяностыя гады камуністычныя ды ветэранскія арганізацыі з розных рэгіёнаў былога Саюза ўзгадалі гэтую ідэю, і зараз ордэн Сталіна ёсць так званай "грамадскай узнагародай".

Палкоўніка Фармагея з новым ордэнам пакуль на людзях ніхто не бачыў”.


Паводле некаторых звестак, першыя два ордэны Сталіна ў Беларусі атрымалі дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман і палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка.