Міліцыя: На суботнім фэсце пад Вілейкай затрымалі толькі сем чалавек
Яны прыбылі на фэст Burning summer open air.
Фэст з удзелам metal-hardcore-, punk- і punk-hardcore-гуртоў праходзіў каля вёскі Асіповічы. Яго ўдзельнікі паведамілі пра масавыя затрыманні міліцыяй — гаворка ішла пра 100-150 чалавек. Відавочцы кажуць, што частку затрыманых прыводзілі ў Вілейскі РАУС і адпускалі пасля разгляду, частку — трымалі на месцы, акружыўшы, супрацоўнікі міліцыі.
26 жніўня мінская абласная міліцыя абнародвала сваю версію падзеяў. Паводле яе, як перадае БелаПАН, каля вёскі была выяўленая група грамадзян каля 150 чалавек. Там жа была гукаўзмацняльная апаратура, гучна грала музыка. Некаторыя маладыя людзі былі нецвярозымі. Міліцыянты аведамляюць, што затрымалі 7 чалавек. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы ці з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе.
Несанкцыянаванае масавае мерапрыемства было спыненае. Фізічная сіла і спецыяльныя сродкі не ўжываліся і не выкарыстоўваліся. Цяпер міліцыя вядзе праверку, высвятляе арганізатараў мерапрыемства ды іншыя акалічнасці.
Фота — bymedia.net