Міліцыя праводзіць праверку з нагоды бойкі ў гомельскім "Еўраопце"
Здарэнне адбылося 10 жніўня каля пятай гадзіны раніцы ў мясцовым гіпермаркеце.
Як паведамляе БелаПАН, вынікі праверкі будуць вядомыя праз некалькі дзён. Пакуль не ўсталявана, хто быў завадатарам бойкі і хто вінаваты ў правапарушэнні.
Як паведамляла Еўрарадыё, 11 жніўня ў інтэрнэце з'явілася відэа на якім відаць бойку наведвальнікаў крамы і ахоўнікаў у "Еўраопце".
Адзін са сведкаў бойкі Яўген паведаміў БелаПАН, што інцыдэнт адбыўся раніцай, калі ў краме было каля 20 пакупнікоў. Па яго словах, ахоўнік патрабаваў у мужчыны з дзяўчынай чэк за шакаладку, а яны адказвалі, што шакаладка ўжо была купленая. Абодва бакі дайшлі да нецэнзурнай лаянкі.
Калі мужчына з жанчынай паспрабавалі пайсці на выхад, ахоўнік пачаў ім перашкаджаць, і пачалася бойка паміж ахоўнікамі і мужчынам. Праз пару хвілін прыбылі супрацоўнікі пазаведамаснай аховы ў міліцэйскай форме, а затым і нарад міліцыі. Яны і забралі пабітых наведнікаў "Еўраопта".