Міліцыянты затрымалі наркакур'ера, які вёз 28 кг гераіну

У магілёўца канфіскавалі самую буйную партыю наркотыкаў, якая калі-небудзь трапляла на тэрыторыю Беларусі. Наркакур'ера затрымалі аператыўныя супрацоўнікі на пункце збірання дарожных мытаў "Рэдзькі" на аўтадарозе Брэст-Мінск-мяжа Расіі. У аўтамабілі "Опель-Астра" з расійскім рэгістрацыйным знакам ён перавозіў каля 28 кг гераіну.

У бакавых панэлях задняй пасажырскай сядушкі міліцыянты знайшлі 187 пакункаў,  замаскіраваных пад цыбулю. У іх і перавозіўся гераін.

Затрыманы, як інфармуе БЕЛТА, уваходзіў у склад транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая займалася пастаўкамі гераіну з Сярэдняй Азіі. Наркотыкі прызначаліся для далейшага транзіту ва Ўкраіну і ў краіны Еўрасаюза, а таксама для распаўсюду на тэрыторыі Беларусі.

Наркакур'еру пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.