Мілінкевіч пачне сваю выбарчую кампанію 3 траўня

Як паведамляе сайт АДС, свой другі паход ва ўладу палітык пачне з царкоўнага блаславення. Спярша ў 11 гадзін адбудзецца набажэнства ў праваслаўным храме святых Пятра і Паўла, а праз паўгадзіны – у Чырвоным або Кафедральным мінскім касцёле. Пасля гэтага ў гатэлі "Еўропа" Мілінкевіч афіцыйна абвесціць пра пачатак сваёй перадвыбарнай кампаніі.

Лідэр руху "За Свабоду" дэкларуе ісці на выбары пад праеўрапейскімі лозунгамі. Палітык не раз выказваўся за неабходнасць далучэння Беларусі да Еўрасаюзу як альтэрнатыву руху на Ўсход, якому аддаюць прыярытэт цяперашнія ўлады.