Мілінкевіч патрабуе ад Лукашэнкі абвясціць нацыянальную жалобу

Палітык заклікае абвясціць нацыянальную жалобу з-за трагедыі ў Пінску, якая адбылася 25 кастрычніка. На думку кіраўніка руху "За Свабоду", нацыянальная жалоба мусіць быць абвешчаная 2 лістапада.
Нагадаем, з-за трагедыі ў Пінску загінулі ўжо 14 чалавек. Кіраўніцтва Беларусі не зацікаўленая ў падзеях, якія разбураюць вобраз "квітнеючай Беларусі", лічыць намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч. Гэты ліст - патрабаванне ўвесці жалобу, распавёў Еўрарадыё сп.Губарэвіч.

Губарэвіч: "Гэты ліст быў накіраваны на імя Аляксандра Лукашэнкі. Мы лічым, што нельга пакідаць па-за ўвагай гора людзей. Адсутнасць рэакцыі з боку кіраўніцтва Беларусі выклікае здзіўленне. Але мы не можам прымусіць кіраўніка краіны абвесціць жалобу. У гэтай справе ўсё ў руках кіраўніка краіны".

Са свайго боку, рух "За свабоду" будзе прыцягваць увагу грамадскасці да гэтай праблемы, адзначыў палітык. Іншых крокаў кіраўніцтва арганізацыі пакуль не плануе.

Дарэчы, пасля выбуху ў Пінску Ўладзімір Някляеў прапанаваў адкрыць банкаўскі рахунак для збору сродкаў пацярпелым і іх сем'ям. Партыя "Зялёныя" заклікала правесці праверку небяспечных прадпрыемстваў.