Мінабароны: у Беларусі мала прызыўнікоў, завочнікаў чакаюць у войску

Адмяніць адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу для завочнікаў плануецца ў Беларусі. Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, прынятымі Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні ў пятніцу.
Мінабароны тлумачыць неабходнасць такіх паправак "штогадовым скарачэннем колькасці прызыўнікоў". А адтэрміноўкі ад прызыву для прахаджэння навучання маюць 164 тысячы чалавек ад 18 да 26 гадоў.

Як паведамляе БелаПАН, дэпутат Уладзімір Здановіч крытычна выказаўся наконт ініцыятывы Мінабароны. Паводле яго слоў, задачу з прызывам трэба вырашаць "не сілавымі метадамі, а за кошт маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці". "Сучасная армія мусіць браць не колькасцю, а якасцю", — сказаў ён.

Па выніках галасавання за прыняццё законапраекта выказаліся большасць дэпутатаў — 103 чалавекі.