Мінаблвыканкам забраў ХК “Дынама” у прыватнікаў

У панядзелак быў створаны апякунскі савет хакейнага клуба “Дынама”. У яго ўвайшлі прадстаўнікі сілавых ведамстваў, дзяржаўных прадпрыемстваў (“Беларуськалій”, “БЕЛАЗ”, Гарадзейскі цукровы камбінат) і камерцыйных структур (у прыватнасці, рынак “Аквабел”). Апякуны павінны будуць забяспечыць клубу належны бюджэт. Савет узначаліў Андрэй Пазняк — намеснік старшыні Мінаблвыканкама. Дарэчы, кіраўніцтва вобласці будзе гуляць галоўную ролю ў жыцці клуба, паведамляе “Народная газета”.

У сувязі з гэтым нават абмяркоўвалася пытанне пра пераназванне каманды — у “Дынама—Мінская вобласць”. Але пасля кансультацыі з дынамаўскімі таварыствамі іншых краін ад гэтай ідэі адмовіліся.

Ранейшае кіраўніцтва клуба пакінула вялікую крэдыторскую запазычанасць. У красавіку гэтага года прэзідэнт краіны перадаў функцыі па кіраванні камандай яе гістарычнаму ўласніку — фізкультурна-спартоваму таварыству “Дынама”.

Галоўнае пытанне, якое давядзецца вырашыць апякунскаму савету — будаўніцтва ўласнай пляцоўкі. Дагэтуль свайго лядовага палацу “Дынама” не мела. Заключыць новую дамову з Палацам спорту кіраўніцтва клуба не паспела, таму ўвесь верасень чэмпіён краіны будзе гуляць на пляцоўцы па вул. Прытыцкага.

Цяпер вядзецца пошук будаўнічай пляцоўкі для ўласнага лядовага палацу. Мяркуецца, што арэна размесціцца ў раёне станцыі метро “Магілёўская”.