Мінадукацыі перапісала ўсе школьныя праграмы да новага навучальнага года
Усе школьныя праграмы па ўсіх прадметах дапрацаваныя і зацверджаныя да новага навучальнага года. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова.
Спецыяліст распавяла, што ў 2015 годзе ў Мінадукацыі распрацавалі новыя навучальныя праграмы па ўсіх школьных прадметах, якія паэтапна ўкараняліся ў адукацыйны працэс. У 2017 годзе міністэрства стварыла рабочыя групы, у склад якіх увайшлі выкладчыкі ВНУ, навукоўцы, настаўнікі-практыкі, якія яшчэ раз прааналізавалі ўсе навучальныя праграмы па ўсіх прадметах. Пасля гэтага аналізу навучальныя праграмы былі скарэктаваныя. Некаторыя тэмы былі вынесеныя і пераразмеркаваныя з аднаго класа ў іншы — з улікам узроставых асаблівасцей вучняў, магчымасцяў успрымання матэрыялу.
Каржова паведаміла, што да 2015 года дзейнічалі навучальныя праграмы, зацверджаныя ў 2008-м, калі сярэднюю школу перавялі на 12-гадовае навучанне замест 11-гадовага. У Мінадукацыі кажуць, што праграмы 2008 года былі перагружаныя навучальным матэрыялам, у асобных тэмах не ўлічваліся міжпрадметныя сувязі. Напрыклад, некаторыя тэмы па фізіцы вывучаліся раней, чым па матэматыцы, асобныя тэмы не адпавядалі узроставым асаблівасцям школьнікаў.
Нмесніца дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольга Зелянко дадала, што вывучэнне асобных складаных тэмаў перанеслі ў старэйшыя класы альбо пераведзенае з базавага ўзроўню вывучэння на павышаны (10-ы і 11-ы класы). Напрыклад, у курсе біялогіі цяпер толькі на павышаным узроўні вывучаюцца такія раздзелы, як "Паводзіны як вынік эвалюцыі", "Структурная арганізацыя і рэгуляцыя функцый жывых арганізмаў". На ўроках матэматыкі толькі на павышаным узроўні цяпер будзе вывучацца тэма "Вытворная".
"Магу прывесці прыклад з навучальнага прадмета "Беларуская мова". Раней вывучаліся віды днасастаўных сказаў, праводзіўся кантроль па гэтай тэме. Цяпер ад навучэнцаў патрабуецца мець толькі агульнае ўяўленне аб аднасастаўных сказах і адрозніваць яго ад двухсастаўных, але яны не абавязаны адрозніваць пэўна-асабовы сках ад няпэўна-асабовага, таму што гэтыя веды не маюць ярка выяўленай практычнай накіраванасці", — цытуе tut.by словы Зелянко.
Як вядома, Аляксандр Лукашэнка не раз крытыкаваў школьную праграму. Сёлета 21 красавіка падчас выступу ў парламенце ён запатрабаваў ад новага міністра адукацыі Ігара Карпенкі ўдвая скараціць тэрміны падрыхтоўкі новай праграмы для сярэдняй школы. На думку Лукашэнкі, многія падручнікі занадта складаныя для школьнікаў, матэрыял пад сілу толькі невялікай колькасці "яйкагаловых".
Для таго, каб выканаць заданне кіраўніка дзяржавы, чыноўнікам Мінадукацыі хапіла 102 дні.