Мінчанка рассылала мужу і сястры sms пра ўласнае выкраданне (відэа)

Мінскія праваахоўнікі расследавалі незвычайны выпадак выкрадання. Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, увечары 29 студзеня 22-гадовая маці дваіх дзяцей пасварылася са сваім грамадзянскім мужам. Яна выйшла ў краму па цыгарэты, а літаральна праз паўгадзіны муж атрымаў смс-паведамленне, што яго жонку скралі за пазыкі. У другім смс з мужа патрабавалі 2000 долараў, калі ён хоча ўбачыць жонку жывой.

Падобнае ж паведамленне атрымала і родная сястра мінчанкі. З яе патрабавалі 1000 долараў.

Муж звярнуўся ў міліцыю. Неўзабаве праваахоўнікі высветлілі, што паведамленні адпраўляла сама "ахвяра вымагальнікаў". Праз шэсць гадзін нецвярозую мінчанку затрымалі на чыгуначным вакзале ў кампаніі трох яе знаёмых, раней судзімых. Сама дзяўчына патлумачыла свой учынак жаданнем пажартаваць.

Паведамляецца, што маці дваіх дзяцей знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Яна злоўжывала спіртным, неаднаразова сыходзіла з дома, часам на некалькі дзён.

Фота — sb.by