Мінчук ездзіў па горадзе на аўтамабілі без шын на двух колах (фота)
Незвычайны аўтамабіль спынілі падчас начнога дзяжурства на вуліцы Ландэра супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Як інфармуюць "Мінск-Навіны", інспектары ДПС патрулявалі праспект Дзяржынскага каля скрыжавання з Мінскай кальцавой аўтадарогай. Іх увагу прыцягнуў аўтамабіль "Опель", за якім цягнуўся шлейф дыму, а з-пад правых колаў выляталі іскры. Яны сталі даганяць легкавік на МКАД. Аднак кіроўца "Опеля" ніяк не рэагаваў на ўключаныя маячкі патрульнага аўтамабіля і заклік інспектараў па гучнай сувязі спыніцца на ўзбочыне. З кальцавой дарогі аўто з'ехала на вуліцу Ландэра, дзе неўзабаве яго спынілі інспектары ДАІ.
Па іх словах, у салоне машыны грымела музыка, пярэдняе правае кола практычна адсутнічала, а на заднім правым гума была амаль з'едзеная. Кіроўца быў настолькі п'яны, што ледзь трымаўся на нагах. У яго крыві выявілі 2,15 праміле алкаголю.
Па словах кіроўцы, за гадзіну да затрымання ён піў разам з сябрамі гарэлку і віскі. Потым узяў у таварыша ключ ад машыны і паехаў катацца па начным горадзе.
У 2012 годзе яго пазбавілі правоў кіроўцы за нецвярозую язду на тры гады. Гэтым разам на яго склалі тры пратаколы — за не цвярозае кіраванне транспартным сродкам, язду без правоў і неаднаразовае невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў ДАІ аб спыненні.


Фота — minsknews.by