Мінэнерга: Людзі ў Барысаве маглі загінуць ад атручэння ўгарным газам
6 чалавек у Барысаве маглі загінуць ад атручэння ўгарным газам. Пра гэта ў Facebook паведамляе Міністэрства энергетыкі Беларусі, якое спасылаецца на інфармацыю "Белтапгаз" і "Мінскаблгаз".
"Пры абследаванні кватэр, у якіх загінулі людзі, наяўнасць прыроднага газу зафіксавана не была. Магчымай прычынай гібелі людзей з'яўляецца атручэнне ўгарным газам з-за парушэння працы дымавых каналаў і сістэмы вентыляцыі. У цяперашні час Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь высвятляюцца абставіны гібелі людзей", — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга.
Як паведамляла Еўрарадыё, 27 студзеня ў Барысаве ў адной з кватэр знайшлі целы мужчыны і жанчыны. Пазней у кватэры на паверх ніжэй былі знойдзеныя целы яшчэ чатырох чалавек, сярод іх дзяцей 10 і 17 гадоў. Сярод версій, якія разглядала следства, была няспраўнасць газавага абсталявання. Крымінальную справу распачалі па факце неналежнага выканання службовых абавязкаў службовымі асобамі "Барысаўміжрайгазу".
Сёння з'явілася інфармацыя, што адна з жыхарак дома адчувала пах газу яшчэ 26 студзеня. Яна выклікала спецыялістаў, яны прыязджалі двойчы.