Мінгарвыканкам: Сума шкоды ад залевы 24 ліпеня ў Мінску будзе нязначнай

Сума шкоды ад залевы 24 ліпеня ў Мінску будзе нязначнай. Такое меркаванне выказаў начальнік аддзела гарадской гаспадаркі Мінгарвыканкаму Сяргей Рэзкі. Як перадае БелаПАН, сума нанесенай шкоды пакуль яшчэ падлічваецца. Сяргей Рэзкі адзначыў, што гарадскі транспарт, у тым ліку тралейбусы, панеслі мінімальную шкоду, бо кіроўцы своечасова іх абясточылі.

Па словах прадстаўніка Мінгарвыканкаму, сацыяльныя аб'екты таксама пацярпелі нязначна, бо своечасова былі прынятыя меры па папярэджанні падтаплення. Былі зробленыя загароды з мяшкоў з пяском, а вокны і дзверы залепленыя адмысловым скотчам.

Чыноўнік паведаміў, што на сёння ніякія пазовы да камунальных прадпрыемстваў Мінгарвыканкаму не падаваліся.

Па звестках МНС, 24 ліпеня ў выніку моцнага ліўня ў Менску было падтоплена больш за 100 сутарэнняў у будынках і 77 участкаў аўтамабільных дарог. З будынкаў былі выратаваныя 52 чалавекі, эвакуяваныя з аўтатранспарту — 494. Быў прыпынены рух па 24 тралейбусных, 6 аўтобусных і 4 трамвайных маршрутах. На двух станцыях метрапалітэна — "Парк Чалюскінцаў" і "Усход" — цягнікі на працягу 15 хвілін ішлі без прыпынкаў.