Міністэрства інфармацыі хоча пазбавіцца ад "мёртвых душаў"

Перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі, якая прадугледжаная законам "Аб СМІ", што бліжэйшым часам набывае сілу, будзе праводзіцца па заяўным прынцыпе. Аб гэтым заявіў міністр інфармацыі Ўладзімір Русакевіч.  Ён адзначыў, што для перарэгістрацыі неабходна будзе накіраваць па пошце запоўненую спецыяльную форму, і праз некаторы час СМІ будзе выдадзенае новае пасведчанне.

Як паведамляе БЕЛТА, перарэгістрацыя неабходная, па словах міністра, у сувязі з тым, што прадугледжваецца стварэнне рэестру сродкаў масавай інфармацыі і неабходна правесці "своеасаблівы пераўлік, пазбавіцца ад мёртвых душаў - СМІ, якія ўжо дэ-факта спынілі сваё існаванне".