Мінкульт: Курапаты не могуць патрапіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА
Чыноўнікі Міністэрства культуры назвалі ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій былі расстраляныя дзесяткі тысяч чалавек, "помнікам гісторыі, звязаным з гістарычнымі падзеямі, развіццём беларускага грамадства і дзяржавы". У лісце намесніка міністра культуры Ўладзіміра Грыдзюшкі старшыні Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу гаворыцца пра тое, што Курапаты не могуць быць намінаваныя для ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Нібыта, яны не адпавядаюць Кіраўніцтву па выкананні Канвенцыі аб ахове сусветнай спадчыны. Аднак, як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН Астаповіч, у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА могуць патрапіць аб'екты, якія маюць выключную ўніверсальную гістарычную каштоўнасць. На яго думку, Курапаты з'яўляюцца менавіта такім аб'ектам, паколькі на яго тэрыторыі на працягу дзесяцігоддзяў знішчаліся вядомыя дзеячы многіх краін.