Мінкультуры дазволіла ўзводзіць офісны будынк на падмурках касцёла
Мінкультуры, разгледзеўшы зварот праціўнікаў будаўніцтва офіснага будынка ў гістарычным цэнтры Магілёва, прыйшло да высновы аб магчымасці ўзвядзення пабудовы.
Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінкультуры за подпісам намесніка міністра Віктара Кураша на запыт прадстаўнікоў грамадскасці.
Нагадаем, холдынг "Сервалюкс" — недзяржаўны трэйдар і вытворца сельгаспрадукцыі — плануе ўзвесці офісны будынак ў гістарычным цэнтры. Аднак прыхільнікі аднаўлення і захавання культурнай спадчыны Магілёва мяркуюць, што на гэтым месцы неабходна рэканструяваць будынак езуіцкага касцёла Святога Ксаверыя, фундамент якога захаваўся.
У канцы лістапада магілёўскае аддзяленне ТБМ накіравала пісьмовы запыт у Мінкультуры з просьбай перагледзець прынятае рашэнне аб дазволе на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ "Сервалюксам".
Згодна з адказам з Мінкультуры, зараз немагчыма аднавіць архітэктурны ансамбль езуіцкага касцёла на месцы яго былога знаходжання.
Старшыня магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў заявіў БелаПАН, што яго "вельмі здзіўляе" такі адказ Мінкультуры. Паводле яго слоў, ТБМ і далей будзе адстойваць сваю пазіцыю аб мэтазгоднасці аднаўлення будынка касцёла, паведамляе БелаПАН.