Мінкультуры спадзяецца на супрацоўніцтва з культурнымі сталіцамі Еўропы

Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве і рэалізацыі сумесных праектаў з культурнымі сталіцамі Еўропы, заявіў журналістам 19 студзеня міністр культуры Павел Латушка на адкрыцці выставы "Полацкі залаты скарб" у Нацыянальным гістарычным музеі, перадае БелаПАН. Паводле яго меркавання, супрацоўніцтва з еўрапейскімі культурнымі сталіцамі "пашырыць нашы магчымасці прадстаўлення беларускай культурай, а таксама дазволіць пазнаёміцца з культурамі іншых народаў".

Латушка таксама паведаміў, што ў межах СНД абмяркоўваецца праект "Культурная сталіца СНД" і Беларусь выказала сваю папярэднюю зацікаўленасць у рэалізацыі гэтага пілотнага праекта. Паводле яго слоў, культурная сталіца СНД будзе выбірацца ў дзвюх ці трох краінах і цяпер абмяркоўваецца, што гарады Расіі, Украіны і Беларусі стануць першымі культурнымі сталіцамі СНД. Сярод беларускіх гарадоў на гэта права прэтэндуе Гомель, які сёлета абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі, прыняўшы эстафету ад Полацка.