Мінпрацы прапаноўвае павышаць пенсійны ўзрост па "ўласным жаданні"
Дзяржава, такім чынам, зэканоміць выдаткі на пенсійныя выплаты, а свядомыя беларусы крыху павялічаць "адкладзеную" пенсію.
Такую ідэю апублікавала начальнік аддзела развіцця пенсійнай сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Пагонышава ў часе online-канферэнцыі БЕЛТА 17 сакавіка.
Яна заявіла, што ў Беларусі вывучаецца магчымасць павышэння прывабнасці адтэрміноўкі звароту па атрыманне пенсіі. Закон "Аб пенсійным забеспячэнні" дае грамадзянам магчымасць эфектыўна ўплываць на памер пенсіі пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, працягваючы працу і адмовіўшыся ад атрымання пенсіі.
Тады пенсія павялічваецца на адзін працэнт заробку, прынятага для яе вылiчэння, за кожныя поўныя два месяцы такой працы.
Праўда, такое новаўвядзенне можа прывабіць толькі работнікаў "з адносна высокім заробкам", прызнала Пагонышава.