Мінскае "Юнацтва" не згуляе ў будучым сезоне ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў

Генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) Хорст Ліхтнер абвясціў, што ў новым сезоне геаграфічнае прадстаўніцтва Лігі чэмпіёнаў не пашырыцца. Турнір пройдзе ў ранейшым фармаце, адзначае БЕЛТА. Раней планавалася пашырыць прадстаўніцтва ў Лізе чэмпіёнаў да 22 краінаў. Але фінансавы крызіс, па словах Ліхтнера, перашкодзіў ажыццяўленню гэтых планаў.

Такім чынам, у новай Лізе чэмпіёнаў па-ранейшаму згуляюць клубы з "вялікай сямёркі" — Расіі, Фінляндыі, Швецыі, Чэхіі, Швейцарыі, Нямеччыны і Славакіі. А чэмпіён Беларусі мінская каманда "Юнацтва", верагодна, выступіць у другім па значнасці клубным еўратурніры — Кантынентальным кубку, якім яна валодала ў 2007 годзе.