Мінскі махляр рабіў крэдытнымі даўжнікамі звычайных выпівохаў
У Мінску затрымалі 26-гадовага хлопца, які займаўся махлярствам, звязаным з афармленнем крэдытаў на мабільныя тэлефоны.
Сваіх ахвяраў прайдзісвет падбіраў ля крамаў і пунктаў прыёму шклотары. Гэта былі людзі, якім хацелася выпіць, але яны не мелі грошай. Малады чалавек прапаноўваў ім ад 20 да 70 тысяч рублёў, а за гэта прасіў даць пашпарт для афармлення крэдыту: нібыта для таго, каб тэрмінова выкупіць тэлефон. У самога, маўляў, дакументаў з сабой няма.
Ахвота выпіць была большай за страх стаць крэдытным даўжніком. А некаторыя здагадваліся пра тое, ува што іх уцягнулі, толькі пасля таго, як атрымлівалі неаднаразовыя паведамленні пра неабходнасць заплаціць крэдыт, паведамляе БелаПАН.