Мінскія афганцы хочуць перайменаваць горад Касцюковічы ў Маргелаў

Перайменаваць горад Касцюковічы ў Маргелаў хочуць мінскія афганцы. Нядаўна ў Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі Беларусі паступіў адпаведны зварот ад Партызанскай раённай арганізацыі г. Мінску Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і філіі Маскоўскага фонду імя генерала-дэсантніка Маргелава.
Як паведамляе газета "Рэспубліка", у Касцюковічах прайшло дзяцінства і юнацтва заснавальніка савецкіх Паветрана-дэсантных войскаў, героя Савецкага Саюза, удзельніка вайны ў Афганістане. Аднак на сходзе "актыву горада" перайменаванне было прызнанае "немэтазгодным".

Паводле словаў старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Міхаіла Барысава, у горадзе і так зроблена шмат для ўвекавечання памяці генерала Маргелава, а за цяперашняй назвай Касцюковічаў стаіць яго 500-гадовая гісторыя.