Мінскія ўлады абяцаюць знайсці працу для былых ІПэшнікаў

Службы занятасці ўжо падабралі 20 тысяч працоўных месцаў на дзяржаўных прадпрыемствах. - Ідзе група заяўнікаў мітынга. Вы застаецеся тут і чакаеце нас. Вы згодныя з гэтым?
- Так!
- Гаварыце “Не!” 760-му указу!
- Не!

Так, са згоды некалькіх соцень прадпрымальнікаў, кіраўнік кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў, яго калега Аляксандр Таўстыка і яшчэ некалькі заяўнікаў мітынгу ў цэнтры Мінску накіраваліся ў Дом ураду, каб перадаць рэзалюцыю на імя Сяргея Сідорскага.

Рэзалюцыя мітынгу прадпрымальнікаў змяшчае чатыры патрабаванні:

- спыніць судовыя пераследы прадпрымальнікаў за выказванне сваёй думкі;
- ацаніць прэзідэнцкі ўказ №760 на адпаведнасць Канстытуцыі;
- пакараць вінаватых у яго з’яўленні без эканамічнага на тое абгрунтавання;
- выконваць урадам дванаццаць дэмакратычных умоваў Еўрасаюза.

Нагадаем, прэзідэнцкі ўказ №760 з 1 студзеня 2008 года забараняе індывідуальным прадпрымальнікам наймаць працаўнікоў па-за членамі сям’і і блізкімі сваякамі.

Пратэстная акцыя 10 снежня – першая ў шэрагу іншых. У Мінск з’ехаліся прадпрымальнікі з розных куткоў Беларусі. Тыя, хто не змог дабрацца да сталіцы, правялі сходы ў сваіх гарадах: у Гомелі, Светлагорску, Баранавічах, Бабруйску, Віцебску.

Старшыня Канстытуцыйнага савета прадпрымальнікаў Беларусі, гандляр абуткам Анатоль Змітровіч прыехаў са Светлагорску. Адзіная надзея ў яго на адмену ўказа – сваякі не дапамогуць, а перавесціся ва унітарнае прадпрыемства да новага года Анатоль не паспее.

Анатоль Змітровіч:
“Я не магу ўладкаваць сваякоў на работу. Я яшчэ сам магу паспрабаваць трошку папрацаваць, але давядзецца закрывацца. Адна паездка за таварам – мінус два-тры дні. На тавар трэба атрымаць сертыфікаты адпаведнасці, гігіенічнае пасведчанне – таксама адзін-два дні. То бок, у мяне не будзе заставацца дзён, каб займацца гандлем. Мяне проста закрыюць за парушэнне ліцэнзіі, невыкананне рэжыму дня. У жонкі свой бізнэс – яна не зможа працаваць, дачка вучыцца, сын у школе, бацькі на пенсіі, жывуць далёка. Яны не змогуць прыязджаць. І што мне рабіць?”

Прадпрымальнікі абураюцца, што ніхто ў іх не спытаў дазволу на прыняцце такога указу. Больш за тое, згодна з Генеральным пагадненнем паміж урадам Беларусі і аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзамі, дазволу спытаць былі абавязаныя. У пункце 40.3 гаворыцца, што калі прыняццё дакумента панясе сацыяльныя наступствы, ён абавязкова павінен быць узгоднены з усімі зацікаўленымі бакамі.

Аднак гэтага не зрабілі. І таму прадпрымальнікі знаходзяць выкшталцоныя спосабы застацца ў бізнэсе. Так, прадавачка Наста заключае фіктыўны шлюб са сваім наймальнікам:

“Я зключаю фіктыўны шлюб, чым мой грамадзянскі муж вельмі незадаволены і засмучаны. То бок, я вымушаная заключаць шлюб з чужым чалавекам, а жыць са сваім родным чалавекам”.

Начальнiк упраўлення па прадпрымальнiцтве Мiнгарвыканкама Аляксандр Калiноўскi, выступаючы перад мітынгоўцамі, прызнаў, што праблемы сапраўды існуюць і шмат прадпрымальнікаў пасля новага году застануцца без працы. Аднак як вырашыць гэтую праблему, ён ведае:

Аляксандр Калiноўскi: “У нас у Мінску больш за 20 тысяч вакансій у розных прадпрыемствах і арганізацыях горада. Не трэба казаць, што гэтыя 20 тысяч прыбіральшчыкі і дворнікі. Гораду не патрэбныя 20 тысяч прыбіральшчыкаў і дворнікаў. У гэтым плане будзем дапамагаць. Працаўладкоўваць будзем. І службы горада на гэта накіраваныя”.

Такім чынам, прадпрымальнікі дамовіліся з уладамі аб перамовах 19 снежня. На гэтай сустрэчы плануецца абмяркаваць супярэчнасці і прыйсці да рашэння, якое задаволіць абодва бакі. Таксама ўлады паабяцалі не затрымліваць удзельнікаў мітынгу. Аднак ужо напрыканцы акцыі чатыры чалавекі, сярод якіх Віктар Крываль, Віктар Гарбачоў, Крысціна Шацікава, Віктар Калей, былі затрыманыя.

/sites/default/files/legacy_articles/images/2007/12/81771/cms-image-000004401.jpg

/sites/default/files/legacy_articles/images/2007/12/81771/cms-image-000004403.jpg