Мінскія ўлады рапартуюць, што медыкі гатовыя да новай хвалі грыпу

Мінскія медыкі гатовыя да новай хвалі эпідэмічнага ўздыму грыпу і вострых рэспіраторна-вірусных інфекцыяў (ВРВІ). Пра гэта заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў. Па яго словах, меры, прынятыя сталічнымі медыкамі падчас эпідпад'ёму мінулай восенню, былі вельмі сур'ёзнымі. Чыноўнік падкрэсліў, што падаўжэнне вакацый у мінскіх школах дазволіла не дапусціць сур'ёзнага павелічэння захварэлых на грып і ВРВІ сярод дзяцей і падлеткаў.

Акрамя таго, Ціцянкоў заявіў, што падчас восеньскай эпідэміі грыпу ў Мінску не было ніякіх праблем са шпіталізацыяй хворых, у тым ліку і са шпіталізацыяй хворых на пнеўманію. Па словах чыноўніка, якія перадае "Інтэрфакс", былі аператыўна прынятыя меры па перапрафіляванні ложкавага фонду ў мінскіх лякарнях.