"Мінёр" мінскага метро мог адправіць SMS не ў міліцыю, а сваёй знаёмай
Калі б не пільная студэнтка, у мужчыны магло б не быць праблемаў.
35-гадовы жыхар Мінскай вобласці, ураджэнец Караганды, падазраецца ў заведама непраўдзівым паведамленні пра выбуховае прыстасаванне ў мінскім метро, учора была распачатая крымінальная справа. Нібыта, мужчына, які знаходзіўся ў вагоне электрацягніка метро, адправіў SMS аб пагрозе выбуху. Паводле афіцыйнай версіі, пільная суседка-студэнтка паведамленне прачытала і расказала дзяжурнаму міліцыянеру. У выніку, удзень 26 лютага метро было спынена, людзі эвакуяваныя, тры гадзіны правяраліся ўсе станцыі, нічога падазронага знойдзена не было. Зламысніка неўзабаве затрымалі. Свае дзеянні ён патлумачыў жаданнем "пажартаваць".
Паводле звестак БелаПАН, SMS-паведамленне затрыманы адправіў не ў міліцыю, а сваёй знаёмай.
Калі SMS з пагрозай сапраўды было даслана — пакарання будзе цяжка пазбегнуць, гавораць эксперты. Прычым няважна, хто атрымаў паведамленне, міліцыя ці знаёмая. Калі яно адрасавалася сябру, а той пра бомбы ў метро не паведаміў праваахоўнікам, ён можа стаць саўдзельнікам “тэрарыста”.
Між тым абвінавачанне зламысніку пакуль не выстаўленае.
Фота — ria.ru