Мінюст адмовіўся рэгістраваць Беларускую партыю працоўных

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Беларускай партыі працоўных. Як паведамляе БелаПАН, Мінюст вывучыў дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі партыі на прадмет іх адпаведнасці дзейснаму заканадаўству, а таксама на прадмет захавання парадку стварэння палітычнай партыі. Падчас вывучэнняў спісу заснавальнікаў арганізацыі ды іншых дакументаў, датычных стварэння партыі, Мінюст выявіў, што "фактычная колькасць заснавальнікаў меншая за мінімальна дапушчальную колькасць, неабходную для стварэння палітычнай партыі".

Для праверкі праўдзівасці пададзеных матэрыялаў міністэрства запрасіла ў Рады партыі пратакол аргкамітэта па скліканні ўстаноўчага з'езду і іншыя дакументы. Аднак, сцвярджае Мінюст, Рада адказала адмоўна, матываваўшы гэта тым, што парадак вылучэння дэлегатаў на з'езд правераны мандатнай камісіяй. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне адтэрмінаваць дзяржаўную рэгістрацыю партыі і дадзены дадатковы тэрмін для выканання патрабаванняў. Згаданыя ў рашэнні аб адтэрміноўцы рэгістрацыі патрабаванні выкананыя не былі, адзначаюць у Мінюсце.

Чыноўнікі Мінюста лічаць, што ў спісе заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных ёсць "мёртвыя душы", якіх не было на з'ездзе.

Устаноўчы з'езд Беларускай партыі працоўных адбыўся 26 ліпеня 2009 года ў Мінску, удзел у ім прынялі 65 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі. Аргкамітэт па стварэнні БПТ узначальвае Аляксандр Бухвостаў. Партыя ствараецца на аснове ліквідаванай у 2004 году Беларускай партыі працы.