Мінюст прапаноўвае штрафаваць аўтамабілістаў за агрэсіўнае кіраванне

Міністэрства юстыцыі Беларусі прапаноўвае разглядаць "агрэсіўнае" кіраванне на дарозе як абцяжарваючую акалічнасць. Адпаведны праект нарматыўнага акту ўжо распрацаваны Мінюстам, інфармуе “Інтэрфакс”.

Да агрэсіўнага кіравання плануюць адносіць паводзіны за рулём, якія наўмысна вядуць да павелічэння рызыкі аварыі, таксама туды залічаць раздражнёныя, нецярплівыя, варожыя паводзіны ды спробы зэканоміць час за кошт іншых удзельнікаў руху.

Начальнік беларускай ДАІ Юры Літвін адзначыў, што "паняцце "агрэсіўнае" кіраванне не з'яўляецца юрыдычным тэрмінам", і адмовіўся каментаваць яго заканадаўчыя перспектывы. Ён дадаў, што "агрэсіўным" кіраваннем можна назваць невыкананне правіл дарожнага руху — праезд на чырвонае святло, што прыводзіць да аварыі.