Мінюст змагаецца з карупцыяй, пераймяноўваючы злачынства ў "правіннасць"?

У Міністэрстве юстыцыі Беларусі разглядаецца пытанне пра ўвядзенне паняцця "карупцыйная правіннасць" і ўдакладненне пераліку карупцыйных злачынстваў. Пра гэта ў інтэрв'ю БЕЛТА паведаміла намесніца міністра юстыцыі Ала Бадак. Абедзве ініцыятывы зараз абмяркоўваюцца ў Міністэрстве юстыцыі і Генеральнай пракуратуры. "Карупцыйная правіннасць — гэта крыху ніжэй, чым злачынства. Гэтае яшчэ не злачынства, але ўжо правапарушэнне", — сказала Ала Бадак.

Па думку чыноўніцы, цяперашні пералік карупцыйных злачынстваў занадта вялікі. У класічным разуменні, кажа спадарыня Бадак, карупцыя — гэтае зрошчванне дзяржаўнага апарата з арганізаванай эканамічнай злачыннасцю, стварэнне злачыннай групы. А па беларускім заканадаўстве любыя злачынствы службовых асоб, звязаныя з выкарыстаннем службовага становішча, тлумачацца як карупцыйныя. "Калі чалавек, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, проста сам узяў грошы, тым больш малаважную суму, — гэта не карупцыя ў чыстым выглядзе", — мяркуе намесніца міністра.

У Мінюсце прытрымліваюцца думкі, што трэба дадаткова абгаварыць, ці варта, напрыклад, залічваць у карупцыянеры дырэктара саўгаса, які, не маючы грошай для аплаты працы работнікаў, выплаціў ім эквівалент збожжам, або радавога судовага выканаўца, які грошы даўжніка аднёс не ў бюджэт, а паклаў у кішэнь.