Мітрапаліт Філарэт прасіў Лукашэнку пакінуць Бароўскага пад хатнім арыштам

На хатні арышт прасіў змяніць меру ўтрымання для экс-кіраўніка "Белнафтахіму" Аляксандра Бароўскага мітрапаліт Філарэт. Пра гэта стала вядома падчас агучвання на судовым працэсе некалькіх лістоў, якія розныя асобы пісалі ў справе Бароўскага і якія былі далучаны да справы. Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы ў лісце да Аляксандра Лукашэнкі спасылаецца на зварот вернікаў з Бабруйску. Аказваецца, Аляксандр Бароўскі дапамагаў аднаўляць у горадзе старажытны храм.

Мітрапаліт Філарэт адзначыў у лісце, што, па яго звестках, Бароўскі "не зусім здаровы", таму папрасіў Лукашэнку праявіць міласэрнасць і дазволіць былому кіраўніку "Белнафтахіму" чакаць "высвятлення ўсіх абставін справы" не ў следчым ізалятары КДБ, а ў сваёй кватэры.

Аднак на меру ўтрымання Бароўскага гэты ліст, як і іншыя, не паўплываў, паведамляе газета "Комсомольская правда в Беларуси".