Моцныя снегапады пройдуць сёння на паўночным захадзе Беларусі

У многіх раёнах Беларусі сёння днём пройдуць снегапады, на паўночным захадзе краіны - моцныя, паведамляе Рэспубліканскі гідраметэацэнтр.  Сёння ноччу найбольш інтэнсіўны снег прайшоў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях, а таксама ў паўночна-ўсходніх і цэнтральных раёнах Мінскай вобласці. Вышыня снежнага покрыва тут павялічылася на 3-6 см. У Мінску за ноч выпала 4 см снегу, паводле апошніх даных, гурбы снегу дасягнулі 14 см. Вышыня покрыва па тэрыторыі рэспублікі вагаецца ад 3 см на поўдні Гомельскай вобласці да 24 см у раёне Верхнядзвінска Віцебскай вобласці.

Да канца тыдня маразы захаваюцца. Месцамі будзе ісці кароткачасовы снег. На дарогах захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе 7-15 градусаў марозу, пры праясненнях яна панізіцца да мінус 16-23 градусаў. Днём чакаецца мінус 5-12 градусаў.