Моладзевая кааліцыя "Новае пакаленне" стварыла штаб для мясцовых выбараў

Моладзевая кааліцыя "Новае пакаленне" стварыла перадвыбарны штаб для ўдзелу ў мясцовых выбарах. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідар міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Зміцер Дашкевіч. Па яго словах, на пасаду кіраўніка перадвыбарнага штаба кааліцыі абраны дэпутат Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў Зміцер Кухлей. Яго намеснікам стаў Дзяніс Ціханенка, памочнік дэкана бакалаўрскай школы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Як паведаміў Дашкевіч, у планах штаба — стварэнне перадвыбарнага спісу кааліцыі, правядзенне адукацыйных семінараў для кандыдатаў у дэпутаты, распрацоўка адзінай перадвыбарнай платформы кандыдатаў "Новага пакалення". На цяперашні час створаны спіс кааліцыі "Новае пакаленне" па Мінску, у го ўвайшлі больш за 40 моладзевых актывістаў. Чакаецца, што гэты спіс будзе дапаўняцца кандыдатамі як па Мінску, так і па іншых акругах Беларусі.

Лідары "Новага пакалення" заяўляюць, што будуць каардынаваць спіс кандыдатаў сваёй кааліцыі ў рамках "Беларускага незалежніцкага блока", а таксама з кандыдатамі "Прадпрымальніцкага блока" і "Еўрапейскай кааліцыі".

Цяпер у кааліцыі "Новае пакаленне" знаходзіцца дзевяць моладзевых рухаў, сярод якіх "Малады фронт", "Моладзь БНФ" ды іншыя аб'яднанні.